Дзяржабвінаваўца просіць Ціханоўскай і Латушку па 19 гадоў калоніі, тром іншым фігурантам — па 12 гадоў
Читать по-русски


У судзе па крымінальнай справе ў дачыненні да Святланы Ціханоўскай, Марыі Мароз, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай і Сяргея Дылеўскага праходзяць спрэчкі бакоў, піша БЕЛТА.

Павел Латушко и Светлана Тихановская. Фото: пресс-служба Светланы Тихановской
Павел Латушка і Святлана Ціханоўская. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Дзяржабвінаваўца палічыў віну абвінавачаных даказанай і папрасіў для Ціханоўскай і Латушкі па 19 гадоў калоніі, для іншых фігурантаў — па 12 гадоў.

Пракурор лічыць неабходным таксама прызначыць Ціханоўскай штраф у памеры тысячы базавых велічынь (37 тысяч рублёў), а Паўлу Латушку — пазбаўленне права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на тэрмін пяць гадоў.

Ціханоўская, Кавалькова і Мароз, паводле задумы пракуратуры, мусяць адбываць пакаранне ў калоніі агульнага рэжыму, Латушка і Дылеўскі — узмоцненага рэжыму.

«Дзяржабвінаваўца просіць спагнаць з Латушкі ў даход дзяржавы грашовую суму, адпаведную памеру атрыманага ім хабару. Гаворка ідзе пра суму, эквівалентную 10 тысячам даляраў па курсе Нацбанка на дзень вынясення прысуду», — піша БЕЛТА.

Нагадаем, Святлану Ціханоўскую абвінавачваюць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі:

  • ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 292 (падрыхтоўка да захопу і ўтрымання будынкаў і збудаванняў, спалучаных з пагрозай нанясення грамадзянам цялесных пашкоджанняў, з мэтай прымусіць дзяржаўны ці іншы орган, юрыдычную або фізічную асобу альбо групу асоб здзейсніць альбо ўстрымацца ад здзяйснення якога-небудзь дзеяння як умовы невыканання пагрозы) ;
  • ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады);
  • ч. 1 арт. 357 (змова, здзейсненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
  • чч. 1 і 2 арт. 361−1 (стварэнне экстрэмісцкіх фарміраванняў і кіраўніцтва імі, здзейсненыя паўторна);
  • ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, ажыццяўлення іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, фізічных і юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь, здзейсненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт);
  • ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб);
  • ч. 1 арт. 356 (іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі і іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна здзейсненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве);
  • ч. 4 арт. 16 і арт. 382 (арганізацыя і кіраўніцтва самавольнага прысваення звання і ўлады службовай асобы, спалучаныя з удзелам на гэтай падставе ў перамовах і іншых сустрэчах з прадстаўнікамі замежных дзяржаваў, замежных і міжнародных арганізацый, у пасяджэннях міжнародных арганізацый);
  • ч. 2 арт. 191 (перашкаджанне працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, камісій па рэферэндуме, здзейсненае з прымяненнем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове);
  • ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 342 (іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства, а таксама арганізацыя здзяйснення названых дзеянняў і кіраўніцтва імі).

Паўла Латушку абвінавачваюць па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі:

  • ч. 1 арт. 357 (змова, здзейсненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, ажыццяўлення іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, фізічных і юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь, здзейсненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт);
  • чч. 1 і 2 арт. 361−1 (стварэнне экстрэмісцкіх фарміраванняў і кіраўніцтва імі, здзейсненыя паўторна);
  • ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб);
  • ч. 4 арт. 16 і арт. 382 (арганізацыя і кіраўніцтва самавольнага прысваення звання і ўлады службовай асобы, спалучаныя з удзелам на гэтай падставе ў перамовах і іншых сустрэчах з прадстаўнікамі замежных дзяржаваў, замежных і міжнародных арганізацый, у пасяджэннях міжнародных арганізацый);
  • ч. 2 арт. 191 (перашкаджанне працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, камісій па рэферэндуме, здзейсненае з прымяненнем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове);
  • ч. 3 арт. 426 (наўмыснае здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных ёй па службе, якія пацягнулі нанясенне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), учыненае з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці асобай, якая займае адказнае становішча, што пацягнула цяжкія наступствы);
  • ч. 3 арт. 430 (прыняцце службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасцяў, якія даюцца выключна ў сувязі з займаным службовым становішчам, за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яе кампетэнцыю, за выкананне ў інтарэсах даўцы хабару і асоб, якіх ён прадстаўляе, дзеяння, якое гэтая асоба мела або магла здзейсніць з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў (атрыманне хабару), у буйным памеры, учыненае асобай, якая займае адказнае становішча).

Дзеянні Вольгі Кавальковай беларускія ўлады кваліфікавалі па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі:

  • ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, здзейсненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт);
  • ч. 1 арт. 361−1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем ці яго структурным падраздзяленнем);
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці, здзейсненае групай асоб);
  • ч. 2 арт. 191 (перашкаджанне ажыццяўленню выбарчых правоў, праву на ўдзел у рэферэндуме, альбо рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян, альбо працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме, камісій па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове).

Сяргея Дылеўскага абвінавачваюць па трох артыкулах:

  • ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу ўлады);
  • ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы, якія былі ўчыненыя з выкарыстаннем СМІ ці інтэрнэту ці пацягнулі цяжкія наступствы);
  • ч. 1 арт. 361−1 КК (стварэнне ці кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем).

Марыі Мароз выстаўленыя наступныя абвінавачанні па чатырох артыкулах:

  • ч. 1 арт. 13, ч. 1 арт. 292 КК (падрыхтоўка да захопу будынкаў і збудаванняў);
  • ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках);
  • ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу ўлады);
  • ч. 4 арт. 16, ч. 2 арт. 342 КК (суўдзел у якасці кіраўніка ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

На думку дзяржабвінаваўцы, «мэты крымінальнай адказнасці могуць быць дасягнутыя толькі пры прызначэнні абвінавачаным пакаранняў у выглядзе пазбаўлення волі».

Пракурор таксама пералічыў абцяжарвальныя абставіны:

  • здзяйсненне злачынства асобай, якая раней учыніла якое-небудзь злачынства, калі не скончыліся тэрміны даўнасці альбо не пагашаная ці не знятая судзімасць за папярэднія злачынствы;
  • здзяйсненне злачынства па матывах палітычнай ці ідэалагічнай варожасці, а таксама па матывах варожасці ў дачыненні да якой-небудзь сацыяльнай групы;
  • здзяйсненне злачынства арганізаванай групай, групай асоб па папярэдняй змове;
  • здзяйсненне злачынства з мэтай палегчыць здзяйсненне іншага злачынства.

Абставінамі, якія змякчаюць адказнасць абвінавачаных Ціханоўскай, Дылеўскага, Мароз, можна лічыць наяўнасць на ўтрыманні малагадовых дзяцей. Абставінаў, якія змякчаюць адказнасць Латушкі і Кавальковай, па справе не ўстаноўлена, адзначыў дзяржабвінаваўца.

Нагадаем, усе абвінавачаныя па крымінальнай справе знаходзяцца за мяжой. Іх судзяць «завочна».