Краіны Еўрапейскага саюза 5 сакавіка нарэшце дамовіліся пра паэтапны запуск сістэме ўезду/выезду (EES) — аўтаматызаванага рэестра для тых, хто падарожнічае на кароткія тэрміны, увядзенне якога неаднаразова адкладалася праз тэхнічныя праблемы і недастатковую гатоўнасць, піша Euronews.

Пагадненне, дасягнутае міністрамі ўнутраных справаў у Брусэлі, адкрывае шлях да магчымага пачатку працы сістэмы восенню, хоць канкрэтнай даты пакуль не назвалі.
Цяпер у дзяржаваў-чальцоў будзе два варыянты: запусціць новую сістэму адразу ж або ў некалькі этапаў цягам шасцімесячнага пераходнага перыяду, пасля заканчэння якога ўсе рэгістрацыі падчас перасячэння мяжы павінныя ажыццяўляцца ў рамках EES.
Паэтапны падыход не быў прадугледжаны ў першапачатковым заканадаўстве. Аднак пасля ўсебаковай сустрэчы ў лістападзе ён быў прапанаваны ў якасці жыццяздольнай альтэрнатывы для выхаду з працяглага тупіка і ўкаранення доўгачаканай сістэмы.
Польшча, краіна, якая цяпер старшынюе ў Радзе ЕС на ратацыйнай аснове, узначаліць перамовы з Еўрапейскім парламентам для дасягнення канчатковага пагаднення па змененым законе, што, як чакаецца, пройдзе гладка.
«Кастрычнік — гэта наш гарызонт, — заявіў у сераду раніцай Томаш Семоняк, міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы. — Сістэма дасць службам дзяржаваў-чальцоў цалкам новыя інструменты для кантролю за тым, хто заязджае і выязджае з Шэнгенскай зоны, для паліцыі і памежнікаў. Гэта абсалютна неабходна».
Што такое сістэма ўезду/выезду?
EES — гэта комплексная рэформа, якая пачалася яшчэ ў 2016 годзе і неаднаразова адкладалася. Яе галоўная мэта — мадэрнізаваць праверкі на вонкавых межах ЕС і замяніць традыцыйны фізічны штамп у пашпарце.
EES будзе прымяняцца да грамадзян краін, якія не ўваходзяць у ЕС, што прыязджаюць у блок з мэтай турызму, адпачынку або дзелавой паездкі і застаюцца агулам да 90 дзён цягам 180-дзённага перыяду.
Пасля ўвядзення сістэмы ў дзеянне наведнікі павінныя будуць паказваць свае пашпарты па прыбыцці, а таксама фатаграфаваць твар і сканаваць адбіткі пальцаў у электронным выглядзе.
Усе ўезды і выезды з бяспашпартнай Шэнгенскай зоны будуць фіксавацца.
Збор біяметрычных звестак і абмен інфармацыяй у рэжыме рэальнага часу закліканы дапамагчы ўладам спыніць дзеянні тых, хто пратэрміноўвае кароткатэрміновыя візы і здзяйсняе махлярства з асабістымі звесткамі.
У схеме возьмуць удзел усе краіны — чальцы ЕС, акрамя Кіпра і Ірландыі, а таксама чатыры асацыяваныя чальцы Шэнгенскага пагаднення — Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія і Швейцарыя.
На Кіпры і ў Ірландыі штампы ў пашпартах па-ранейшаму будуць прастаўляцца ўручную.