У распараджэнне газеты Welt am Sonntag трапіў спецыяльны даклад Еўракамісіі: у першым квартале 2025 года колькасць заяваў на прытулак у Германіі скарацілася на 41% у параўнанні з мінулым годам і склала 37 387 заяваў, піша BILD.

На першае месца па колькасці просьбітаў прытулку выйшла Францыя — там зарэгістраваная 40 871 заява. За ёю ідзе Іспанія — 39 318 заяваў. І толькі потым, на трэцім месцы — Германія.
Аднак у параўнанні з краінамі Усходняй Еўропы лічбы ФРГ усё яшчэ вельмі высокія. Так, Славакія ў першым квартале года атрымала ўсяго 37 заяваў, Венгрыя — 22.
Важную ролю ў падзенні колькасці просьбітаў у Германіі адыграла зрынанне Башара Асада ў Сірыі. З Сірыі паступіла на 56% менш заяваў, чым у першым квартале мінулага года. Скарацілася таксама плынь мігрантаў з Турцыі (на 44%) і Калумбіі (на 45%).
Агулам прытулку ў ЕС, Нарвегіі і Швейцарыі ў першым квартале года папрасіў 210 641 чалавек.
Цяпер больш за ўсё ўцекачоў у ЕС прыбывае з Венесуэлы, дзе пануюць гіперінфляцыя, масавае беспрацоўе і тэрор дыктатара Нікаласа Мадура. Адтуль прыбылі 25 375 просьбітаў прытулку — на 44% больш, чым год таму. Таксама вырасла колькасць заяўнікаў з Украіны (на 84%), Кітая (на 87%) і Індыі (на 56%).
У сваім дакладзе Еўракамісія таксама выказвае занепакоенасць нестабільнай сітуацыяй на Блізкім Усходзе, асабліва ў Сірыі. Трывогу выклікае пераслед алавітаў пасля падзення рэжыму Асада. Магчымыя новыя хвалі бежанцаў у Еўропу.