Опубликовано 26 кастрычнiка 2022 у 12.35
Адрес в интернете: https://zerkaloio-news.online/news/life/24736.html    

«З пачаткам вайны мы рыхтаваліся да нападу з боку Польшчы». Даведаліся ў нядаўна дэмабілізаваных беларусаў, як праходзіла служба

Беларусаў на гэтым тыдні пачалі адпраўляць у вайсковыя часткі для праходжання тэрміновай службы. Мы ўжо пагаварылі з тымі, хто вось-вось пойдзе ў войска — пра страхі ў кантэксце вайны ва Украіне. Гэты тэкст — размова з двума тэрмінавікамі, якія сустрэлі вайну ў частцы і дэмабілізаваліся вясной. Мы пагаварылі пра пачатак расійскага ўварвання, просьбы застацца на кантракт і, нечакана, пра перакідванне мігрантаў у Польшчу.

Увольнение в запас после срочной службы десантников 38-й Брестской отдельной гвардейской десантно-штурмовой бригады, октябрь 2022 года. Фото: пресс-служба Минобороны РБ
Звальненне ў запас пасля тэрміновай службы дэсантнікаў 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады, кастрычнік 2022 года. Фота: прэс-служба Мінабароны

«Пасля пачатку вайны перажываў, каб адпусцілі на дэмбель»

Міхаіл служыў у памежных войсках у Гродзенскай вобласці, дэмабілізаваўся толькі гэтай вясной. Цяпер суразмоўцу 20 гадоў, у армію ён трапіў у 18. Успамінае: ісці не хацеў, «але давялося».

— Памежная застава — гэта як вёска з 15−20 тэрмінавікамі, дзе заўсёды ёсць гаспадарчая праца, — пачынае ён. — Патрабаванні да нас былі вельмі высокія, бо застава была блізка да горада і да часткі, таму камандаванне да нас заязджала часцей за ўсё.

Апісваючы ўмовы, у якіх ён служыў, Міхаіл адзначае: было ўсё для выканання сваіх абавязкаў. І нават лазня. Большасць прапаршчыкаў сама прайшла праз тэрміновую службу, кажа ён, таму яны ставіліся да салдат вельмі добра.

— Амаль усе былі нам як браты, акрамя старшыны. Кіраваў начальнік заставы, без яго не прымаліся ніякія рашэнні — калі нешта адбываецца, ён заўсёды на сувязі, у любы час дня і ночы. Шчыра кажучы, я быў уражаны тым, якія бываюць мужыкі, у добрым сэнсе. Кожную раніцу начальнік заставы і старшына робяць абыход тэрыторыі, старшына атрымлівае заданні (так званыя нарэзкі), якія трэба выканаць за найбліжэйшыя суткі. А потым ён размяркоўваў задачы паміж асабовым складам у залежнасці ад таго, хто што ўмее.

Поўнамаштабная вайна ва Украіне пачалася за тры месяцы да дэмабілізацыі Міхаіла. Ён успамінае: у той дзень, 24 лютага, у яго якраз пачынаўся адпачынак.

— Тады ў частцы мне сказалі: «Моцна не радуйся, глядзі, каб назад не выклікалі». На шчасце, адпачынак прайшоў нармальна. Але ўмовы сталі больш жорсткімі: з пачаткам вайны пачалі надаваць больш увагі абароне нашай памежнай заставы, адпрацоўваліся дзеянні ў выпадку нападу з боку Польшчы, напрыклад, — расказвае малады чалавек. — Я перажываў, каб адпусцілі дадому на дэмбель, бо невядома, колькі яшчэ будзе доўжыцца вайна і якая абстаноўка будзе на мяжы. Астатняе тады не хвалявала. А пра наш удзел у канфлікце нам нічога не казалі, ды і ў цэлым такія пытанні практычна не падымаліся.

Ідэалагічных лекцый, як і навін, паводле словаў суразмоўцы, у яго частцы асабліва не было. Пра падзеі ў свеце і ў краіне салдаты не ведалі амаль нічога: тэлефонаў няма, тэлевізар глядзець няма калі. «Хіба што атрымлівалася два разы на тыдзень паглядзець «Панараму», — кажа Міхаіл.

Фото: "Ваяр", из официального телеграм-канала МО РБ
Салдаты беларускай арміі падчас вучэнняў, 2022 год. Фота «Ваяр», з афіцыйнага тэлеграм-канала Мінабароны

Акрамя пачатку вайны служба Міхаіла прыпала і на міграцыйны крызіс: хлопец бачыў вялікую колькасць мігрантаў, з якімі камунікаваў практычна кожны дзень.

— Большасць мігрантаў спрабавала перасекчы мяжу ўначы, і вось паступае сігнал — выезд, пошук. Такое можа адбывацца суткамі, і закрадаецца думка: «А калі спаць?» — успамінае ён.

Міхаіл кажа: у відэа польскіх памежных службаў, на якіх беларускія салдаты дапамагаюць мігрантам нелегальна перайсці мяжу, ён не сумняваецца. Паводле яго словаў, такое адбывалася і на яго заставе.

— Мы іх збіралі ў пэўным месцы, казалі чакаць. А ўжо ўначы вывозілі мігрантаў да найбольш слаба абароненага месца мяжы, на думку нашага кіраўніцтва, і перапраўлялі, — заяўляе ён. — Часцей за ўсё да гэтых людзей добра ставіліся, ніхто асабліва зла не жадаў. Мы кармілі іх кожны дзень: асабовы склад паабедаў, астатнюю ежу перадавалі. Неяк у кагосьці з мігрантаў было грудное дзіця, дык наш начальнік заставы прынёс ім малако. Але калі яны рабіліся нахабнымі, не слухалі нас, ламалі памежную інфраструктуру, да іх ужывалі і фізічную сілу.

Калі тэрмін службы заканчваўся, Міхаілу (як і многім яго калегам) прапаноўвалі падпісаць кантракт, але суразмоўца адмовіўся. Такое рашэнне начальнік прыняў спакойна, нікога не прымушалі заставацца. Служыць па кантракце з салдат яго заставы працягнулі толькі двое маладых людзей, якія выраслі ў вёсцы. «Я б назваў для іх гэта поспехам», — завяршае суразмоўца.

Фото: пресс-служба Министерства обороны РБ
Беларускія вайскоўцы. Фота: прэс-служба Міністэрства абароны РБ

«Усе скардзіліся на руціну, і я больш за ўсіх»

Сваю позву Ягор атрымаў у пачатку лета 2020 года, калі яшчэ вучыўся ў каледжы: пакуль ён не распісаўся ў ёй, не падпісвалі дыплом. Такі ж сцэнар чакаў усіх яго аднагрупнікаў. А далей медкамісія ў ваенкамаце, у канцы якой хлопцу сказалі «прыдатны».

— У мяне спыталі, дзе хачу служыць, і адразу прапанавалі памежныя войскі. Я пагадзіўся. Спачатку мяне прызначылі ў вучэбку, недалёка ад Літвы. Казарма, у якую нас засялілі, была старая, але мэблю заўсёды рамантавалі своечасова, прасы працавалі і з ацяпленнем праблем не было. Але ўнутры гэта быў нібыта адзін вялікі пакой: ложкі стаялі справа і злева ад калідора. І калі хтосьці хварэў, зараза імгненна перакідалася на ўсіх. У адзін момант у нас пачалі кашляць абсалютна ўсё, шмат у каго была тэмпература, і медпункт не спраўляўся.

Пасля вучэбкі ўзвод Ягора застаўся ў той жа частцы, проста перасяліўся ў суседнюю казарму.

— Наша задача заключалася ў забеспячэнні: транспартнае і тэхнічнае, уся праца ў частцы (ад будоўлі да чысткі каналізацыі), ахова ваеннага аб’екта. Пасля вучобы служба ператварылася ў штодзённую руціну (прынамсі, так было ў нас), — расказвае суразмоўца. — Ад гэтага здавалася, што едзе дах. Увесь час да дэмбеля хтосьці скардзіўся (я, магчыма, больш за ўсіх), што ўсё надакучыла і няма сіл трываць гэтыя бясконцыя працы, пастраенні і нарады.

Фото: пресс-служба Министерства обороны РБ
Беларускія салдаты. Фота: прэс-служба Міністэрства абароны РБ

Калі ў лютым 2022-га салдаты даведаліся, што Расія напала на Украіну, рэакцыя была розная: хтосьці здзіўляўся і не разумеў, навошта ўсё гэта, а хтосьці, наадварот, казаў, што Расія ўсё робіць правільна.

— Але ніхто асабліва не выказваўся на гэтую тэму, — успамінае суразмоўца. — Я тады пытаў меркавання таварышаў па службе, і атрымалася так: двое з дзесяці за Украіну, чацвёра за Расію і яшчэ чацвёра казалі, што ні на чыім баку.

Незалежна ад поглядаў, многія таварышы Ягора асцерагаліся, што іх уцягнуць у вайну.

— Мы задумваліся, а ці не падымуць нас ноччу па трывозе, узброяць і мы паедзем у невядомым кірунку. Хтосьці нават пытаў камандзіраў падраздзяленняў, што будзе, калі Беларусь уцягнуць у вайну, але начальства нас, можна сказаць, супакоіла. Сказалі, што ўсё роўна хтосьці павінен забяспечваць працу навучальнага цэнтра, і мы як займаліся забеспячэннем, так і будзем. У самым крайнім выпадку, казалі нам, могуць адправіць на мяжу, але дакладна не ў акопы.

Праз пару тыдняў пасля 24 лютага, расказвае малады чалавек, да тэрмінавікоў прыехала кіраўніцтва Інстытута памежнай службы. Ім заявілі: «Вайны не будзе».

— Маўляў, служыце спакойна, хто ў траўні сыходзіць у запас, той сыдзе. Але гэты прыезд, хутчэй за ўсё, быў планавым, прадстаўнікі ІПС такім чынам часта бывалі ў нас, — расказвае Ягор. — Асабіста мне ў пачатку вайны было трохі страшна. Тады я для сябе вырашыў, што, калі апынуся на фронце, не зраблю ні стрэлу ў бок украінцаў і хай будзе што будзе.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO