Жыхары Мінска часцей за ўсё ідуць на прыём да доктара, калі прастудзіліся, калі падскочыў ціск ці ўзніклі праблемы са страўнікам. Пра гэта расказаяла галоўная доктарка 1-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Цэнтральнага раёна Мінска Алена Іванова, паведамляе «Мінск-Навіны».
Усяго яна назвала пяць самых распаўсюджаных захворванняў, праз якія жыхары сталіцы наважваюцца пайсці абследавацца. Паводле яе, гэта асноўныя захворванні ў амбулаторнай практыцы. Напрыклад, рэспіраторныя інфекцыі (ВРВІ, грып), з імі прыходзяць даволі часта, асабліва ў сезон прастуд, які цяпер пачынаецца.
На другім месцы — хваробы сістэмы кровазвароту. Гэта артэрыяльная гіпертэнзія і ішэмічная хвароба сэрца, калі пацыенты адчуваюць розныя болі ў грудной клетцы, заўважаюць павышэнне ўзроўню артэрыяльнага ціску і ідуць да доктара.
Таксама нярэдка жыхары сталіцы бяруць талон да доктара праз хваробы сістэмы страўнікава-кішачнага тракту: гастрыт, язва, дыспенсія. Пацыенты на прыёме звычайна скардзяцца на болі ў жываце, парушэнне стрававання, млоснасць і іншыя непрыемныя сімптомы.
Сярод частых пацыентаў паліклінік — людзі з цукровым дыябетам. Яны звяртаюцца для рэгулярнага кантролю паказчыкаў кампенсацыі цукровага дыябету і карэкцыі лячэння.
Акрамя таго, у спіс хваробаў, з якімі часта прыходзяць пацыенты, уваходзяць захворванні апорна-рухальнага апарата. Гэта астэахандрозы, артрозы, артрыты. Людзей турбуюць болі ў суставах, спіне.
Галоўная доктарка дадала, што сардэчна-сасудзістыя захворванні распаўсюджаныя не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце, у асноўным яны развіваюцца праз змену ладу жыцця людзей. Сярод галоўных фактараў, якія спрыяюць гэтым хваробам, — гіпадынамія, няправільнае харчаванне, курэнне, ужыванне алкаголю, парушэнне рэжыму сну, хранічны стрэс.
Чытайце таксама
Распечатано с портала ZERKALO.IO