Тое, што 25 сакавіка 1918 года была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, якая абвясціла незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, ведае, бадай, кожны. Але як у нашай краіне пачалі святкаваць гэты дзень? Аказваецца, пра Дзень Волі частка беларусаў ведала яшчэ ў часы БССР. І адбылося гэта дзякуючы… савецкай прапагандзе. Як праходзіў Дзень Волі тады, чаму яго маскавалі пад абрад гукання вясны і хто такія «бебурнацы»? Пра гэта «Люстэрка» пагаварыла з беларусамі, што ўдзельнічалі ў першых такіх святкаваннях.

«Спалучэнне слоў „буржуазны“ і „беларускі“ было надзвычай інтрыгоўным»
У пачатку 1980-х гадоў будучы мовазнаўца і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка быў студэнтам філалагічнага факультэта БДУ. Ён згадвае, што першыя веды пра падзеі сакавіка 1918-га атрымаў, як гэта ні парадаксальна, праз савецкую прапаганду. У 70-х і 80-х гадах мінулага стагоддзя ў друку выходзілі невялікія брашуры з серыі «Бібліятэчка газеты „Голас Радзімы“», з якіх малады філолаг і даведаўся пра Беларускую Народную Рэспубліку.
— «Голас Радзімы» была газетай, адмыслова прызначанай для беларускай эміграцыі, — распавядае Вячорка. — Брашуры, якія выдаваліся ў гэтай серыі, мелі характэрныя назвы кшталту «Почему не состоялась БНР?». Яны свабодна прадаваліся ў кнігарнях Мінска і іншых гарадоў, бо былі ідэалагічна правільныя. Гэтыя кнігі не проста прайшлі ўсе магчымыя цэнзуры, а меліся не дапусціць аніякай іншай беларушчыны, акрамя савецкай.
Але практычны эфект атрымаўся адваротным. Вінцук Вячорка прыгадвае, што падчас чытання брашур яго зачапіла слова, якое беларуская савецкая прапаганда прыдумала, каб зняважліва называць стваральнікаў БНР. У галаве юнака яно пасеяла крытычнае зерне.
— Яны прыдумалі слова «бебурнацы», якое, на іх думку, павінна было гучаць смешна ці грэбліва. Бебурнацы — гэта беларускія буржуазныя нацыяналісты. Спалучэнне слоў «буржуазны» і «беларускі» было надзвычай інтрыгоўным, — смяецца суразмоўца. — Нам прышчаплялі думку, што беларусы заўсёды былі сялянскім (у лепшым выпадку — пралетарскім) народам і ніякіх іншых сацыяльных пластоў у ім не было. А тут раптам апынулася, што было нешта беларускае і адначасова буржуазнае.

Дзякуючы прапагандысцкім брашурам пра падзеі 25 сакавіка 1918 года даведаўся і будучы вядомы перакладчык Сяргей Шупа. Ён прыгадвае, што такая літаратура расказвала не толькі пра «бебурнацы».
— Чытаючы гэта дагары нагамі ці з адваротным знакам, людзі, якіх гэта цікавіла, маглі пра ўсё даведацца, — прызнаецца Шупа. — Там была інфармацыя і пра 25 сакавіка, якое беларускія буржуазныя нацыяналісты на Захадзе ўрачыста адзначалі, і пра бел-чырвона-белы сцяг, і пра «Пагоню». Былі і нейкія сур’ёзныя кнігі. Напрыклад, праца Вадзіма Круталевіча, якая называлася «Рождение БССР: на пути к провозглашению Республики». У ёй больш-менш аб’ектыўна, наколькі гэта было магчыма, апісана, што адбывалася ў Беларусі ў 1917−1918 гадах. Я ўважліва чытаў, і паступова карціна пачала складацца.
«Урачыста паднялі высока на дрэве бел-чырвона-белы сцяг»
Сяргей Шупа падкрэслівае, што інфармацыя пра тыя падзеі адкрывалася яму паступова. Таму эфекту выбуху веды пра БНР для яго не зрабілі. Больш за тое, нават на сконе СССР і нават у коле сяброў ды аднадумцаў гаварыць услых пра такія рэчы было страшна.
— На адным з пасяджэнняў нефармальнага клуба «Перакладчык» у 1986 годзе філолаг Зміцер Саўка спытаўся: «Які статус быў бы ідэальным для Беларусі?» І я пабаяўся адкрыта пры людзях сказаць яму тое, што думаю, — прызнаецца Шупа. — Памятаю, была асцярожнасць, бо тады савецкая ўлада была даволі моцная, хоць ужо пачала хістацца. І хто ведае, ці ёсць сярод нас падсаджаны і ці не сочыць ён за намі.
Вінцук Вячорка згадвае, што калі ён і яго сябры даведаліся пра БНР, то натуральным чынам з’явілася жаданне нейкім чынам святкаваць 25 сакавіка, кожны год. На пачатку 1980-х гадоў яны ўжо стварылі нефармальнае моладзевае аб’яднанне «Беларуская майстроўня» (яго нават дазволілі ўлады тагачаснай БССР). Каб не прыцягваць да сябе ўвагу, урачыстасці да дня абвяшчэння незалежнасці БНР яны маскіравалі пад традыцыйныя святкаванні. Напрыклад, пад абрад гукання вясны.
— Гэта быў 1981 ці 1982 год, зіма цягнулася доўга, у сакавіку яшчэ ляжаў снег, — распавядае Вячорка. — Мы сабраліся ў лесе паміж вёскай Асееўка і мястэчкам Міханавічы (Мінскі раён. — Заўв. рэд.). У нас быў сцяг, пашыты ручным чынам, і зборнікі Янкі Купалы. Распалілі вогнішча, чыталі каля яго вершы. Урачыста паднялі высока на дрэве бел-чырвона-белы сцяг. Пасля гэтага кожны год, да 1989-га, адзначалі таемна.
Але здараліся на 25 сакавіка і больш дзёрзкія спробы адзначэння свята, прызнаецца Вінцук Вячорка.
— Адна з дзяўчат, блізкая да нашага кола, у 1983 годзе напярэдадні 25 сакавіка павесіла бел-чырвона-белы сцяг на даху Опернага тэатра, — успамінае суразмоўца. — Ён там правісеў пару дзён. Акурат тады ў Мінск прыехала дэлегацыя з нейкай арабскай краіны. З той прычыны, што сцяг вольна вісеў і лунаў над адным са знакавых будынкаў беларускай сталіцы, я раблю выснову, што пра яго банальна нічога не ведалі тыя, хто мусіў бы ведаць паводле сваіх службовых абавязкаў. Так што ён быў узняты не толькі ў лесе, але і ў нябёсах над Траецкай гарой (гістарычная назва мясцовасці, дзе размешчаны Оперны тэатр. — Заўв. рэд.).
Назву «Дзень Волі» прыдумаў журналіст Сяргей Дубавец
Першая публічная вулічная акцыя з нагоды дня абвяшчэння незалежнасці БНР адбылася ў Мінску ў 1989 годзе. Правёў яе каля ўваходу ў Тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) тагачасны студэнт гэтай установы і будучы вядомы мастак Алесь Пушкін. Палітвязень, які памёр у рэанімацыі 11 ліпеня 2023 года, куды яго накіравалі з гарадзенскай турмы № 1.

Як пісала выданне «Радыё Свабода», Алесь Пушкін спачатку вынес на ганак будынка папяровага бусліка і 71 паветраны шарык па колькасці гадоў з моманту абвяшчэння БНР. На самім ім быў плакат за надпісам «Грамадзянін, у гэты дзень, 71 год назад, была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Памятай і думай аб гэтым! Жыве Незалежная Беларусь!».
Мастак планаваў прайсці з ім уздоўж Ленінскага праспекта (цяпер — праспект Незалежнасці), але яго затрымалі. Як і 35 чалавек разам з ім. У выніку Пушкіна асудзілі на два гады пазбаўлення свабоды, але ўмоўна.

За акцыяй Алеся Пушкіна 25 сакавіка 1989 года выпадкова назіраў малады журналіст Сяргей Навумчык, які праз год стане дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Ён успамінае, што ўчынак мастака стаў яшчэ адной прычынай, якая прымусіла прапаганду распавесці беларусам пра падзеі 71-гадовай даўніны.
— Я тады працаваў у Доме друку, што знаходзіцца побач з Тэатральна-мастацкім інстытутам. Праўда, калі я выйшаў на вуліцу, то была ўжо фінальная сцэна — Алеся схапіла міліцыя, — згадвае Навумчык. — Але пра гэты ўчынак з’явіўся артыкул спачатку ў Беларускім тэлеграфным агенцтве (БЕЛТА), і паводле тагачасных правіл яго перадрукавалі ўсе афіцыйныя газеты — цэнтральныя і рэгіянальныя. Праз гэта ўжо больш людзей даведалася пра існаванне Беларускай Народнай Рэспублікі.
Праз год, у 1990-м, пра 25 сакавіка стала магчымым казаць не толькі ў дзяржаўнай, але і ў незалежнай прэсе, якая толькі-толькі з’явілася. Першы спецыяльны выпуск газеты «Свабода» (нулявы выпуск паводле рэдакцыйнай нумарацыі) быў прысвечаны менавіта гэтай даце. Тады ж упершыню ў публічнай сферы прагучала словазлучэнне «Дзень Волі». Прыдумаў яго журналіст выдання Сяргей Дубавец, кажа Вінцук Вячорка:
— Гэта была журналісцкая метафара, якая нейкім чынам, неспадзявана для мяне, стала ледзьве не асноўнай назвай гэтага дня. Дарэчы, я не лічу гэта цалкам пазітыўнай з’явай, таму што гэтым самым трошкі зацямняецца глабальнае эпахальнае значэнне 25 сакавіка, якое было не проста днём дэкларавання свабод і правоў. Па праўдзе, іх БНР абвясціла ў сваіх Першай і Другой устаўных граматах. А Трэцяя ўстаўная грамата была прысвечана менавіта з’яўленню на мапе Еўропы новай дзяржавы беларусаў. Я называю 25 сакавіка Днём Незалежнасці.

«Трэба нарэшце ўсталяваць Дзень Незалежнасці 25 сакавіка, і ўсё»
Але афіцыйным Днём Незалежнасці ў першыя гады постсавецкай Беларусі стала 27 ліпеня — дзень прыняцця Вярхоўным Саветам дэкларацыі пра суверэнітэт БССР у 1990-м. Сяргей Навумчык, які быў у той час дэпутатам беларускага парламента, кажа, што апазіцыя БНФ спрабавала пераканаць камуністычную большасць у тым, што 25 сакавіка павінна мець афіцыйны статус.
— Не трэба забывацца, што Вярхоўны Савет ХІІ склікання быў абраны ў 1990 годзе яшчэ пры БССР і манаполіі камуністаў на ўладу. Правесці такое рашэнне было вельмі і вельмі праблематычна. Мы спрабавалі пастаянна. Але людзі старой фармацыі былі ў большасці, і яны не маглі гэта ўспрымаць. Мы шукалі нейкі варыянт, які быў бы кампрамісным, каб не скасоўваць афіцыйнае свята 27 ліпеня. Але і гэта не ўдалося, — успамінае Навумчык.
З тым, што Дзень Незалежнасці Беларусі трэба святкаваць менавіта 25 сакавіка, згодны і Сяргей Шупа. Ён кажа, што ў адрозненні ад іншых дат менавіта ў гэты дзень упершыню было выразна заяўлена пра тое, што наша краіна з’яўляецца незалежнай.
— Разам з афіцыйным у нас чатыры Дні Незалежнасці! — здзіўляе Шупа. — Маю на ўвазе 3 ліпеня (афіцыйны), 27 ліпеня, 25 жніўня (наданне дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закона ў 1991-м) і 25 сакавіка. Трэба нарэшце ўсталяваць Дзень Незалежнасці 25 сакавіка, і ўсё. Калі казаць пра падзеі 1990 і 1991 гадоў, то ў дакументах, які тады прынялі, ні разу не прагучала слова «незалежнасць». Гэтыя даты я б паважаў і адзначаў, але не ставіў бы іх у нейкую канкурэнцыю з 25 сакавіка.