Dom Aquaree — акварыум вышынёй 16 метраў і дыяметрам 11,5 метра, усталяваны ў вестыбюлі гатэля Radisson Blu, — лопнуў раніцай 16 снежня. Першы званок у экстранныя службы паступіў каля шасці гадзін раніцы. Уся вада, як піша BILD, вылілася ў падвал — акварыум змяшчаў больш за мільён літраў. Паўтары тысячы рыб ста розных відаў загінулі.

Паліцыя паведамляе, што два чалавекі атрымалі раненні ад разбітага шкла, у гатэлі патокам вады выбіла некаторыя дзверы і вокны.
«Ранняй раніцай, каля 6 гадзін, я пачула моцны выбух, гром. Я ўвогуле не разумела, што адбываецца. Я патэлефанавала сваёй сяброўцы і пайшла да яе ў пакой. Адтуль мы ўбачылі акварыум і ўсе разбурэнні. Усё заліла вада», — расказала BILD адна з госцяў гатэля, музыка Іва Юдзінскі.
Паводле звестак BILD, Dom Aquaree лопнуў праз «стомленасць матэрыялу»: акварыум адкрылі пасля рамонту, які доўжыўся два з паловай гады, толькі гэтым летам. Рэканструкцыя абышлася ў 2,6 мільёна еўра.

Раней наведнікі маглі праехаць на ліфце скрозь акварыум і паглядзець на рыб, якія жывуць у ім, за 19 еўра.
Пасля інцыдэнту Карл-Лібкнехт-штрасэ, на якой знаходзіцца гатэль, заліло вадой, рух па ёй абмежаваны. На месцы здарэння працуюць супрацоўнікі хуткай дапамогі і пажарная брыгада.