Раман «Ззянне» культавага амерыканскага пісьменніка Стывена Кінга выйшаў у выдавецтве «Янушкевіч» у перакладзе на беларускую мову — яго ажыццявіла Наста Карнацкая.

Як адзначаецца ў анатацыі, «новая праца Джэка Торэнса ў гатэлі „Аверлук“ — ідэальная магчымасць пачаць усё з пачатку. У міжсезонне ён разам з жонкай Уэндзі і сынам Дэні перабіраецца ў стары гатэль, каб працаваць зімовым наглядчыкам. Там у Джэка з’явіцца шмат часу, каб уз’яднацца з сям’ёй і папрацаваць над уласнымі літаратурнымі творамі. Але з надыходам суровага зімовага надвор’я ідылічнае месца здаецца ўсё больш аддаленым ад цывілізацыі… і ўсё больш злавесным. І адзіным, хто заўважае дзіўныя і жудасныя сілы, якія сабраліся вакол гатэля з доўгай і страшнай гісторыяй, становіцца Дэні Торэнс, адораны „ззяннем“ пяцігадовы хлопчык».
Раман «Ззянне» выйшаў у 1977 годзе і праз тры гады быў бліскуча экранізаваны Стэнлі Кубрыкам. Галоўную ролю сыграў Джэк Нікалсан.
З 2022 года кнігі гэтага культавага амерыканскага пісьменніка больш легальна не выходзяць у Расіі. Так Кінг адрэагаваў на агрэсію гэтай краіны ў адносінах Украіны.
Набыць кнігу «Ззянне» можна ў магазіне выдавецтва ў Варшаве (Kłopotowskiego, 4). Жыхары іншых гарадоў могуць замовіць кнігу на сайце выдавецтве, на маркетплейсе Allegro або на Amazon (даступная замова ў шэраг краін).