З 13 кастрычніка тры месяцы будуць дзейнічаць новаўвядзенні ў дзяржрэгуляванне цэн на мяса куранят-бройлераў. Адно з іх — забарона на разборку куранят у крамах. Цяпер трэба прадаваць часткі тушкі птушкі, вырабленыя птушкафабрыкамі. Пасля гэтага некаторыя абвальшчыкі мяса, якія працуюць у крамах, занепакоіліся, што ў іх можа скараціцца аб’ём працы, а следам — і ўпасці заробкі.

— У маёй краме разбіраць куранят цяпер нельга. Разборка паступае з птушкафабрык. Раней я і мой калега пілавалі па паўтары тоны курыцы ў дзень і абвальвалі каля тоны свініны. Цяпер працы ў нас стала прыкметна менш, — расказаў жыхар абласнога цэнтра Сцяпан (імёны герояў матэрыялу змененыя), які працуе ў мясным цэху буйной гандлёвай сеткі.
Кіраўніцтва папярэдзіла абвальшчыкаў, што цяпер іх заробак, хутчэй за ўсё, зменшыцца — поўнай загрузкі не будзе. Па словах Сцяпана, абвалкі ў іх і праўда стала менш — за паўдня яны паспяваюць разрабіць свініну, а потым іх адпраўляюць выконваць розныя даручэнні, часцей за ўсё яны займаюцца фасоўкай тавараў.
— Мой заробак быў блізу 1000 рублёў, большая частка ў ім — гэта прэміяльныя, якія залежалі ад выпрацоўкі, яна цяпер меншая. Новы заробак мы пакуль яшчэ не атрымлівалі, але гэта вельмі трывожны момант. Я не ўяўляю, як буду выжываць, калі атрымаю меншую суму, бо ў мяне сям’я — жонка-дэкрэтніца і маленькае дзіця.
Сцяпан кажа, што некалькі яго калег па цэху, бачачы такую сітуацыю, звольніліся з працы па ўласным жаданні. Для нашага суразмоўцы гэта плюс — з’явілася надзея, што гэта дапаможа яму ўтрымацца на плаве.
Такія ж асцярогі, як у Сцяпана, ёсць у абвальшчыка мяса з Мінскай вобласці Аляксандра. Мужчына працуе ў краме буйной гандлёвай сеткі ў райцэнтры, за апошні тыдзень ён на сабе адчуў, што працы стала менш. Ён перакананы, што гэта адаб’ецца на заробку. Працу ён не страціць, але працаваць за капейкі не хоча.
— Цяпер да нас прыходзіць паўтушы свініны. Нашы матэрыяльшчыкі лічаць, што хутка праблема будзе і са свінінай. Таму частку разборкі мы адпраўляем у камеру — пра запас. Хоць рабіць гэта нельга, таму што зруб павінен прадавацца астуджаным, — кажа Аляксандр.
Разборка куранят-бройлераў паступае ў іх краму наўпрост ад вытворцы. Аляксандр як прафесіянал паглядзеў, што яна сабой уяўляе, — якасць разруба ён ацаніў як дрэнную, на яго думку, у краме гэта рабілі значна лепш.
А вось сталічныя абвальшчыкі мяса з вялікіх сетак крам кажуць, што працы ў іх хапае і яны не хвалююцца пра тое, што застануцца без грошай.
— Кураняты не прыходзяць цяпер, крама заказвае разборку. Я займаюся абвалкай свініны, яшчэ дадалі працу — круціць фаршы. Пра скарачэнне нам пакуль не кажуць, за гэта не хвалююся. Ды і заробак не ўпадзе: як атрымліваў сваю тысячу рублёў, так і буду атрымліваць. Думаю, што, хутчэй за ўсё, проста дададуць іншай працы, — расказаў абвальшчык мяса Дзяніс.
— Мяса поўна, загружанасць добрая. Праўда, заробак наш стаў трохі меншы. Я ўпэўнены, што абвальшчыкаў ніхто скарачаць і звальняць не будзе, праца наша застанецца яшчэ надоўга, — лічыць адзін з абвальшчыкаў мяса сеткі Green.
— Усё гэта глупства, што мы будзем без працы і грошай. Супрацоўнікаў крамы баяцца страціць. Я лічу, што калі абвальшчык мяса не загружаны працай — гэта непрафесійнае кіраўніцтва. Нармальны дырэктар заўсёды знойдзе выхад, — катэгарычна заявіў Астап з сеткі крамаў «Суседзі».