Польшча з 1 чэрвеня прыпыніла рух праз польска-беларускую мяжу зарэгістраваных у Беларусі і Расіі фур з таварамі. Як мінімум некаторыя перавозчыкі лічаць, што ад прынятага рашэння «лягчэй не стане нікому». Эксперты «Кошту ўрада» прааналізавалі, хто больш за ўсё страціць у фінансавым плане праз чарговыя транспартныя абмежаванні — Мінск ці Варшава.

З 1 чэрвеня ў Польшчу праз адзіны дзейны да гэтага для грузавікоў пункт пропуску «Казловічы» («Кукурыкі» з польскага боку) не будуць заязджаць ні фуры, ні паўпрычэпы з Беларусі і Расіі. Прычым гаворка ў тым ліку пра грузавыя аўтамабілі, цягачы, прычэпы, у тым ліку паўпрычэпы, і аўтацягнікі. Да асаблівага распараджэння забаронены ўезд грузавога транспарту, які зарэгістраваны на тэрыторыі Беларусі і Расіі.
Да цяперашняга абмежавання Еўрасаюз ужо забараніў аўтамабільныя грузаперавозкі (у тым ліку транзітныя) для беларускіх і расійскіх кампаній. У ЕС беларускія фуры перамяшчаліся толькі па спецыяльных пропусках. Такія пропускі маглі атрымаць, да прыкладу, фармацэўтычныя, медыцынскія, сельскагаспадарчыя кампаніі.
Рашэнне па абмежаваннях з 1 чэрвеня ў Польшчы прынялі ў той дзень, калі Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без задавальнення апеляцыю журналіста міжнароднага канала грамадскага тэлебачання Польшчы Polonia, актывіста Саюза палякаў Беларусі Андрэя Пачобута, асуджанага на восем гадоў калоніі.
Хто больш страціць ад абмежаванняў — Мінск ці Варшава?
«З 1 чэрвеня на беларуска-польскай мяжы адбыліся досыць сур’ёзныя змены, Польшча цалкам забараніла ўезд на сваю тэрыторыю вялікагрузным аўтамабілям з беларускімі і расійскімі нумарамі. Будзем называць рэчы сваімі імёнамі: паўстала гэтая забарона з выключна палітычных прычын. Трэба аддаць належнае польскаму боку — ён паказаў, што гатовы пайсці на многае, абараняючы актывіста Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута», — адзначаюць эксперты «Кошту ўрада».
Яны прааналізавалі, наколькі балючымі гэтыя змены будуць для Беларусі.
«Калі мы вывучым дынаміку знешняга гандлю нашых краін са студзеня па сакавік за апошнія тры гады, то ўбачым некалькі важных момантаў. Першы — беларускі экспарт у Польшчу за апошнія гады значна знізіўся — з 532 млн даляраў (тут і далей гаворка ідзе пра прамежак са студзеня па сакавік) у 2021 годзе да 162 млн даляраў у 2023-м. Гэтае падзенне больш чым у тры разы нельга назваць інакш як катастрафічным. Прычым адбыўся ўдар не толькі па гандлёвай, але і па транспартнай сферы, якая дастаўляла грузы ў Еўропу», — удакладняюць эксперты.
Другі момант — імпарт з Польшчы ў Беларусь за гэты ж перыяд значна вырас.
«Прычым калі пасля пачатку вайны, у 2022 годзе, ён знізіўся да 350 млн даляраў, то ўжо сёлета павялічыўся практычна ўдвая — да 650 млн даляраў, нават нягледзячы на санкцыі. Відавочна, што ў гэтым прыкметным скоку мы бачым не толькі пастаўкі ў Беларусь. Нямала тавараў цяпер забароненыя да ўвозу ў РФ. Але пакуль гэтыя санкцыі не закранулі Беларусь, натуральна, беларускі бок не гэтым скарыстаўся», — адзначаюць аналітыкі.
Трэці момант — у Беларусі ўсё менш магчымасцяў прадаваць сваю мяжу як калідор пастаўкі паралельнага імпарту ў Расію, мяркуюць эксперты.
«Выконваючы функцыю велізарнай пракладкі, гандлёвыя прадстаўніцтвы ў нашай краіне зараблялі вялікія грошы літаральна з паветра. Альтэрнатывы такім заробкам пры закрытых межах не будзе. Што страчвае Польшча? Яна не зможа пастаўляць аўтатранспартам сваю прадукцыю ў Беларусь, а гэтыя пастаўкі для многіх польскіх кампаній былі выгадныя. Але калі глядзець глабальна, страта ўсяго аб’ёму экспарту ў Беларусь — для польскай эканомікі не катастрофа, Беларусь знаходзіцца сярод гандлёвых партнёраў па абароце ў трэцім дзясятку краін, пастаўкі польскіх тавараў у Беларусь складаюць 0,73% ад агульнага экспарту Польшчы, а пастаўкі беларускіх тавараў займаюць толькі 0,16% ад агульнага імпарту», — адзначаюць эксперты «Кошту ўрада».
А што страчвае Беларусь праз чарговыя транспартныя абмежаванні з боку Польшчы?
«Для нашай краіны гэтае абмежаванне выглядае значна больш сур’ёзным. Па стане на першы квартал 2023 года нашыя пастаўкі тавараў у Польшчу складалі 4% ад агульнага экспарту Беларусі, а імпарт з Польшчы дасягае 6% ад агульнага аб’ёму імпарту. Гэта лічбы зусім іншага парадку, і яны цягнуць за сабой зусім іншыя, нашмат сур’ёзнейшыя наступствы. Так, вядома, абмен таварамі паміж Беларуссю і Польшчай ажыццяўляецца не толькі грузавікамі, ёсць яшчэ і чыгуначны транспарт, рух якога пакуль цалкам не перакрыты. Але нават нягледзячы на гэта, страты могуць быць значнымі», — лічаць аналітыкі.
Дэманстрацыя прынцыповай пазіцыі для кожнай з краін каштуе ім вельмі па-рознаму, адзначае «Кошт урада».
«Пры гэтым Польшча паказвае сябе як краіна, якая клапоціцца пра людзей, што ёй дарагія, не рызыкуючы эканамічнай стабільнасцю. Кіраўніцтва ж Беларусі як было ізгоем, так і засталося, а цана, якую яно плаціць у гэтым супрацьстаянні (нават калі глядзець толькі на эканоміку), можа аказацца вельмі высокай», — лічаць аналітыкі.
Яны таксама робяць прагноз, як гэтая сітуацыя можа закрануць насельніцтва Беларусі.
«Хутчэй за ўсё, змены яны адчуюць не адразу. Скарачэнне гандлю паўплывае на бюджэт, а значыць, дзіркі ў ім стануць яшчэ больш аб’ёмнымі. Адчувальна зменіцца сітуацыя ў памежных абласцях, дзе многія бізнесы былі завязаныя на перамяшчэнні тавараў у Польшчу і адтуль. Рана ці позна закрытая для грузавікоў польская мяжа праявіцца ў крамах, дзе можа прыкметна скараціцца асартымент тавараў, якія прывозілі з ЕС, бо дастаўляць іх будзе ўсё складаней, даражэй і даўжэй», — лічаць аналітыкі.
Чытайце таксама