Чыноўнікі абнавілі базу «дармаедаў». Як даведацца, ці не ўключылі вас у яе
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Беларусі ў пачатку чэрвеня абнавілі базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва. У яе ўключылі тых, хто не змог пацвердзіць занятасць за студзень — сакавік. Тлумачым, як можна даведацца, ці не ўключылі вас у гэтую базу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Базу «дармаедаў» абнаўляюць раз на квартал. Каб не трапіць у яе з пачатку чэрвеня, трэба было да 21 красавіка пацвердзіць занятасць. Гэта можна было зрабіць праз камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці. З 20 траўня да 1 чэрвеня база абнаўлялася, звесткі з яе былі недаступныя для прагляду.

З тых, хто аказаўся ў базе і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё, будуць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах спаганяць плату за газазабяспечанне, ацяпленне і гарачую ваду. Асабліва адчувальнымі будуць плацёжкі за апошнія дзве паслугі: для «дармаедаў» яны прыкладна ў 6 разоў даражэйшыя.

Нагадаем: што да аплаты ЖКП па «дармаедскіх» тарыфах, то тут адзін з асноўных момантаў — трапіў уласнік жылля ў базу не занятых у эканоміцы ці не. «Калі ўласнік у базе не занятых у эканоміцы, то аплачваць спажытыя ЖКП па эканамічна абгрунтаваных тарыфах будзе не толькі ён, але і ўсе астатнія зарэгістраваныя ў жыллі, якія таксама трапілі ў базу. Яны ідуць „паравозікам“», — паведамлялі раней у адной з «дармаедскіх» камісій.

Да прыкладу, у кватэры зарэгістраваныя пяць чалавек. Уласнік лічыцца занятым у эканоміцы, а ўсе астатнія члены сям'і — не. У такім выпадку ўсе плацяць за ЖКП па льготных тарыфах. Але калі ўладальнік кватэры таксама трапляе ў «дармаеды», то па эканамічна абгрунтаваных тарыфах давядзецца разлічвацца ўсім не занятым у эканоміцы з гэтай сям'і.

Як даведацца, ці не трапіў у базу

Для гэтага трэба звярнуцца ў «дармаедскую» камісію па месцы рэгістрацыі. Гэта можна зрабіць як праз тэлефон, так і пісьмова (звычайным лістом або электроннай поштай).

Другі спосаб — паглядзець інфармацыю на Адзіным партале электронных паслуг (паслуга платная). Але для гэтага патрэбны электронны лічбавы подпіс.