У суботу, 19 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка быў на абласных «Дажынках» у Валожыне. Ён дапусціў, што яго пераемнікам можа стаць былы кіраўнік яго адміністрацыі і цяперашні намеснік кіраўніка УНС Аляксандр Косінец, але той адмовіўся. Пасля гэтага дыялогу супрацоўніца Агенцтва тэленавін задала кіраўніку Мінаблвыканкама і былому віцэ-прэм'еру Аляксандру Турчыну нечаканае пытанне.

-Такая цікавая гутарка ў вас сёння адбылася па прылёце кіраўніка дзяржавы… — падышла супрацоўніца АТН да Аляксандра Турчына пасля размовы з Лукашэнкам.
— Ну так, цікава, — замяўся чыноўнік.
— Я проста згадала, а памятаеце перыяд, калі з вас рабілі пераемніка? — удакладніла яна.
— Ну… слухайце… можа быць. Я неяк не асабліва звяртаю ўвагу, хто там і з каго робіць пераемніка, — захваляваўся Турчын.
— Але лепш губернатарам быць? Вам жа прапанавалі на наступны год (Лукашэнка спытаў у Косінца, ці пакіне той Турчына на пасадзе «губернатара», калі стане прэзідэнтам. — Заўв. рэд.).
— Вядома-вядома, — паспяшаўся запэўніць Турчын і пачаў тлумачыць: — Ведаеце, плюс працы губернатара, калі ты бачыш вынік сваёй працы. Праца губернатара адна з самых складаных, бо шмат зон адказнасці: і адукацыя, і ахова здароўя, і вёска, і прамысловасць. Вельмі добра, калі ты нешта робіш. Валожыншчына — прыклад, вось мы ўсе разам зрабілі — бачым вынік.
Нагадаем, Аляксандр Турчын са жніўня 2018 да снежня 2019 года быў першым віцэ-прэм'ерам (самым маладым чыноўнікам на гэтай пасадзе). Ён уваходзіў у каманду тагачаснага прэм’ер-міністра Сяргея Румаса, на якога ўскладалі надзеі што да рэфармавання эканомікі краіны.
Турчын падтрымліваў лічбавізацыю, курыраваў пабудову IT-краіны, выступаў за стварэнне ў Беларусі Міністэрства лічбавай эканомікі. Ён лічыў неабходным дэкрыміналізацыю эканамічных злачынстваў, казаў, што поспех бізнесу — гэта рост беларускай эканомікі.