У Партызанскім раёне сталіцы, недалёка ад станцыі метро «Трактарны завод» за 48 000 рублёў, або 15 тысяч даляраў, прапануюць аднапакаёўку плошчай 30 «квадратаў». Жытло знаходзіцца ў цагляным пяціпавярховіку на вуліцы Перадавой, якая сціпла ўціснулася паміж заводскімі карпусамі і чыгункай, дзе рэгулярна курсуюць цягнікі, піша Onliner.

Набыць гэтую сталічную кватэру можна на асаблівых умовах: па дамове пажыццёвага ўтрымання. Паводле рыэлтараў, такія прапановы разлятаюцца на рынку нерухомасці як гарачыя піражкі.
— Гаспадар аднапакаёўкі на вуліцы Перадавой — 52-гадовы мужчына — пакутуе на алкагалізм і найбліжэйшыя два гады жыць у кватэры не будзе, — расказаў агент. — То-бок пасля куплі будучы ўладальнік «квадратаў» можа свабодна ў ёй знаходзіцца. Згодна з дамовай, новы ўласнік абавязаны будзе кожны месяц пералічваць на рахунак рэнтаатрымальніка 120 рублёў (3 базавыя) і аплачваць «камуналку».
У кватэры ёсць рамонт, стаяць шклопакеты і металічныя дзверы. Балкон і падвальнае памяшканне таксама ёсць. Інфраструктура ў гэтым раёне даволі развітая: у крокавай даступнасці знаходзяцца школа, дзіцячы садок, крама і прыпынкі грамадскага транспарту.