Два браты вырашылі адмовіцца ад размеркавання пасля БДМУ. Адгадайце, колькі іх сям'і давялося заплаціць
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Некалькі дзён таму мы расказвалі пра студэнтку БДМУ Дар’ю Шылец, якая адвучылася тры з паловай гады па мэтавым скіраванні і потым вырашыла забраць дакументы. Цяпер яна мусіць заплаціць амаль 40 тысяч рублёў. Але гэта зусім не рэкордная сума. Мінчук Аляксей скончыў ВНУ, не захацеў адпрацоўваць і заплаціў нашмат больш. Пра гэта ён расказаў блогу «Людзі». Мы перадрукоўваем гэты тэкст.

Фото: TUT.BY
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Імя суразмоўцы змененае з меркаванняў бяспекі.

Аляксей з сям'і медыкаў. Яшчэ з дзяцінства ён хацеў пайсці іх слядамі і, не сумняваючыся, абраў БДМУ. Але балаў на бясплатнае не хапіла, і малады чалавек вырашыў узяць мэтавае скіраванне з мінскай бальніцы.

— Я разумеў, што будзе адпрацоўка, але тады падумаў: на бясплатным два гады, а тут пяць. Калі ўсё роўна планую застацца ў Беларусі, то якая розніца? — успамінае ён. — Але некалькі гадоў таму абмеркавалі ўсё з бацькамі і вырашылі з’язджаць у Польшчу. Там дактары больш зарабляюць, плюс напружвала няўстойлівая сітуацыя ў Беларусі. Хацелася больш стабільнасці, у тым ліку зразумелай будучыні для сваёй патэнцыйнай сям'і.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Аляксей забраў дакументы і папрасіў «разлічыць» яго за шэсць гадоў. Выніковая сума атрымалася немаленькай: 72 249 рублёў. Для параўнання, у гэтым навучальным годзе па большасці спецыяльнасцяў БДМУ кошт навучання складае 4740 рублёў. Калі дапусціць, што такая цана захаваецца надалей, то шэсць гадоў у медуніверсітэце абыдуцца ў 28 200 рублёў.

— Як я разумею, універсітэт бярэ апошні семестр і на падставе гэтага вылічвае ў сярэднім, колькі выдаткавалі з бюджэту на навучанне, — кажа Аляксей. — Атрымлівалася, што на мяне ішло каля шасці тысяч за семестр. І за шэсць гадоў налічылі такую суму.

Разам з Аляксеем у медзе вучыўся і яго брат. Калі сям’я вырашыла з’язджаць, той таксама забраў дакументы. Але паколькі для пераводу ў польскую ВНУ былі патрэбныя выпіскі ад БДМУ, рабілі ўсё афіцыйна. Малады чалавек давучыўся не да канца, таму яго сума была меншая — каля 36 тысяч рублёў. То-бок агулам доўг за навучанне дзяцей склаў каля 108 тысяч рублёў.

— Мы збіраліся выплачваць, бо ўсё ж хочам мець магчымасць вяртацца ў Беларусь, — кажа суразмоўца. — Там сваякі, сябры. Дзесьці паўгода пайшло, каб усё кампенсаваць. У тым ліку бацькам давялося прадаць машыну. Па беларускіх мерках, вядома, сума моцна б’е па кішэні. А калі глядзець, колькі зарабляюць дактары ў Польшчы, то рашэнне становіцца значна больш выгадным. Бо ўсе пяць гадоў я б адпрацоўваў практычна бясплатна, а тут атрымліваю нашмат больш.

Пасля пераезду беларус настрыфікаваў дыплом, здаў моўны экзамен і пайшоў у мясцовую інтэрнатуру. Тут ён адзначае: пацвердзіць веды ўдалося з першага разу, да ўзроўню падрыхтоўкі ў БДМУ пытанняў не ўзнікла.

— Наогул цяпер многія забіраюць дакументы, наколькі я ведаю, — канстатуе ён. — Пакуль яшчэ не дзясяткі, але гісторый дастаткова. Праз павелічэнне тэрмінаў адпрацоўкі ў першую чаргу, бо ўсе гэтыя гады ты проста стаіш на месцы. Тым больш што часта размяркоўваюць у бальніцы маленькіх гарадоў. А пры гэтым доктар пасля ўніверсітэта не мае такога досведу, каб працаваць у адзіночку. Яшчэ ўплывае нестабільная сітуацыя ў краіне. Хлопцы выходзяць з універа прыкладна ў 24 гады. Яшчэ цягам некалькіх гадоў іх могуць прызваць. Думаю, ніхто ў цяперашняй сітуацыі не гарыць жаданнем ісці ў войска. Ну і больш за ўсё з’язджаюць ужо дарослыя дактары: разумеюць, чаго хочуць, і ёсць рэсурсы, каб пачаць жыць у іншай краіне.

Чытайце таксама