Самы высокі конкурс сёлета аказаўся на спецыяльнасці «графічны дызайн і мультымедыядызайн»: у Гродзенскім дзяржуніверсітэце імя Я. Купалы ён склаў 20,5 чалавека на месца, расказалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі падчас прэс-канферэнцыі. Таксама паведамілі, што цэны на навучанне для платнікаў сёлета не падымуць.

З 12 да 17 ліпеня прайшоў асноўны прыём абітурыентаў на бюджэтную форму ў 42 ВНУ Беларусі. Дакументы падало больш за 40,5 тысячы абітурыентаў, а залічылі каля 30 тысяч чалавек — на 2,5 тысячы больш у параўнанні з мінулым годам.
Папулярнасцю карысталіся і рэгіянальныя ВНУ: туды на 14,6 тысячы месцаў падало дакументы 16,6 тысячы абітурыентаў, з іх дзве тысячы — без уступных экзаменаў і па-за конкурсам.
Усяго ж маладых беларусаў, якія добра вучыліся ў школах і каледжах і былі залічаныя па-за конкурсам, каля 4,3 тысячы чалавек. З іх 1,4 тысячы — уладальнікі залатога, сярэбранага медаля або дыплома каледжа з адзнакай, больш за 850 выпускнікоў каледжаў па педагагічных спецыяльнасцях, больш за 300 выпускнікоў профільных класаў прафесійнай скіраванасці і кадэцкіх вучэльняў, 90 выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку.
3 жніўня адбылося залічэнне больш чым 16 тысяч абітурыентаў на платную форму атрымання адукацыі.
Першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч дадаў, што павышэнне кошту навучання для платнікаў у ВНУ сёлета не плануецца.
Прахадныя балы па шэрагу спецыяльнасцяў павялічыліся. Так, у топ-5 спецыяльнасцяў па прахадным бале ўвайшлі: «сусветная эканоміка» (БДУ) — 395, «стаматалогія» (БДМУ) — 395, «праграмная інжынерыя» (БДУІР) — 395, «эканамічная інфарматыка» (БДУ) — 394, «прыкладная інфарматыка» (БДУ) — 391.
А вось топ-5 спецыяльнасцяў па конкурсе выглядае інакш. На першым месцы — «графічны дызайн і мультымедыядызайн»: 20,5 чалавека на месца ў ГрДУ ім. Я. Купалы і 19 у БДУ. Далей — «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» (БДУІР, 6,9 чалавека на месца), «трэнерская дзейнасць» (БДУФК, 5,5 чалавека на месца), «правазнаўства» (ВДУ імя Машэрава, 3,4 чалавека на месца); «дзяржаўнае кіраванне і права» (АКП, 3,3 чалавека на месца).
Рост прахадных балаў назіраўся на спецыяльнасці фізічна-матэматычнага і інжынернага профіляў.
На запатрабаваныя спецыяльнасці залічаныя 375 пераможцаў алімпіядаў. Акрамя таго, 22 пераможцы ўзялі ўдзел у конкурсе на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.
У Мінадукацыі адзначылі значную актывізацыю замоўцаў кадраў што да падачы заявак на мэтавую падрыхтоўку. У выніку план прыёму мэтавікоў склаў 5,6 тысячы месцаў, што на тысячу чалавек больш, чым у 2023 годзе. Колькасць абітурыентаў, якія падалі дакументы, склала больш за шэсць тысяч.
Найбольшая колькасць мэтавікоў залічаная на медыцынскія, педагагічныя і сельскагаспадарчыя спецыяльнасці.
Між тым прыёмная кампанія ў сельскагаспадарчыя ВНУ на завочную форму будзе праведзеная ў лістападзе-снежні. На сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ў завочнай форме плануецца прыняць каля 2,4 тысячы абітурыентаў, у тым ліку каля 900 — на бюджэт.
Чытайце таксама