Выступаючы на Рэспубліканскім педсавеце 27 жніўня, Аляксандр Лукашэнка зноў успомніў пра беларусаў, якія з’ехалі. Заявіў, што за мяжой яны «нікому не патрэбныя», а настаўнікі і дактары ўладкоўваюцца мыць посуд, бо «хто ім дасць добрую працу?». Палітыку адказала Іна Зайцава, якая з дзвюма вышэйшымі адукацыямі працуе прадавачкай у Швейцарыі.
Пачну з таго, што Аляксандр Рыгоравіч у пэўным сэнсе цалкам мае рацыю.
Ён зрабіў усё, каб беларус, які выехаў за мяжу, не ведаў мовы іншай краіны, акрамя рускай. Я вучыла англійскую ўсё жыццё: у школе, ва ўніверсітэце, хадзіла на курсы. І я не ведаю, якой трэба забіць сістэму адукацыі, каб чалавек з двума дыпломамі ВНУ не атрымаў нават базы англійскай.
Ён зрабіў усё, каб дыплом беларуса, які выехаў за мяжу, не зацікавіў хоць кагосьці. Усё, каб чалавек адчуваў сябе кепска, бедна і быў вымушаны ўладкоўвацца на нізкакваліфікаваную працу.
Але адну рэч Лукашэнка выпусціў з-пад увагі. Ён так нашпігаваў нас універсітэтамі, што вышэйшая адукацыя лічыцца абавязковай, а калі ў цябе яе няма, то гэта выклікае пытанні. Ты што, ленаваўся пастаяць у чарзе па свой дыплом? Таму ва ўсіх, хто паступіў у ВНУ, ёсць унікальная перавага. Мы ўмеем вучыцца. А людзі, гатовыя вучыцца, дабіваюцца поспеху. Нават калі спачатку ім даводзіцца ісці працаваць прыбіральшчыкамі і прадаўцамі.
Але праблема Аляксандра Рыгоравіча ў тым, што ён, відаць, кепска разумее, як уладкаванае жыццё ў Еўропе. Тут ідуць ва ўніверсітэт толькі тыя, хто хоча дасягнуць пэўных вышыняў. Для нармальнага жыцця яна неабавязковая. Ты можаш зарабіць грошы і з сярэдняй адукацыяй. Людзі не імкнуцца засвойваць складаныя прафесіі, у тым ліку ва ўніверсітэтах, бо тут не такая вялікая розніца ў даходах.
Напрыклад, у Швейцарыі сярэдні заробак — больш за шэсць тысяч франкаў (22 723 рублі, тут і далей сумы паводле курсу Нацбанка на 28 жніўня. — Заўв. рэд.). Ваганні ад гэтага пункту ўніз і ўверх — прыкладна дзве тысячы. То-бок калі ты прадавец у краме — зарабляеш каля чатырох тысяч франкаў (15 148 рублёў. — Заўв. рэд.). А калі топ-менеджар — то прыкладна восем (30 297 рублёў. — Заўв. рэд.). Але чатырох тысяч на рукі цалкам хапае. І часта людзі вельмі нават згодныя на прасцейшую працу, каб не спускаць сваё жыццё ў «працоўны ўнітаз». Тут важна жыць у задавальненне.
І ў гэтым вялікая розніца. У Еўропе сорамна толькі нічога не рабіць. Людзі, якія сядзяць на сацыяльных дапамогах, выклікаюць шмат пытанняў. Але звычайная швейцарка ў дэкрэце, у якой няма часу працаваць па прафесіі, можа ўладкавацца ў клінінг у зручны для сябе час. Гэта нармальна. Значыць, ёй так камфортна. Тут наогул не можа ісці гаворкі, што нейкая праца непрыдатная.
Затое ў нас — можа. Бо ў Беларусі такая праца нізкааплатная. І адразу ўзнікае ланцужок: раз пайшоў прыбіральшчыкам — значыць, больш нідзе не ўзялі. Значыць, зусім тупы.
Але вось з Беларусі цяпер з’язджаюць далёка не тупыя людзі. І для многіх з іх такая праца — часовы этап. Так, мы часта не ведаем моваў і вымушаныя пачынаць шлях нанова, з нізавых прафесій.
У мяне ёсць прыклады, як знаёмыя, якія былі менеджарамі ў Беларусі, прыехалі ў Швейцарыю і не змаглі ўладкавацца. Бо для працы менеджарам тут патрэбны вельмі высокі ўзровень мовы. І яны пайшлі на простыя працы: памочнікамі на кухні, яшчэ некуды. Але прапісалі сабе план, як будуць вучыць мову і вяртацца да сваёй прафесіі ці як засвояць новую. Гэты шлях не вельмі доўгі — прыкладна гадоў на пяць. Але гэтыя пяць гадоў ты не жывеш у падвале і не мардуеш сябе на галерах. У цябе ёсць праца, якая цалкам аплачвае жыццё, вандроўкі і ўсё астатняе. Плюс ты вучыш мову.
Першыя паўгода ў Швейцарыі я працавала ў клінінгу. Потым пайшла прадавачкай на запраўку. Дарэчы, у Беларусі свой кар’ерны шлях я калісьці таксама пачынала з прадавачкі на запраўцы, таму магу параўнаць. Дык вось, у нашай краіне на мяне звальвалі ўсё на свеце, каб зэканоміць. У Еўропе — бо прафсаюзы сапраўды працуюць — нікому б нават у галаву не прыйшло, што чалавек, які стаіць за касай, мусіць рабіць яшчэ 100 мільёнаў справаў. Таму я заклікаю суайчыннікаў не баяцца простай працы. Самае галоўнае, што вам пасля пераезду патрэбныя не толькі грошы, але і практыка ў замежнай мове. А калі вы працуеце на ёй, узровень расце проста імкліва.
Яшчэ Лукашэнка (як і прапаганда) увесь час кажа, што мы тут не патрэбныя. Думаю, гэта проста спроба згуляць на імкненні належаць да нейкай групы. Гэта чыстая псіхалогія. Чалавек — істота сацыяльная, яму трэба быць разам з іншымі. І гэты пасыл нібы кажа, што там, за мяжой, вы будзеце адчуваць сябе дрэнна і самотна.
Але, па-першае, гэта не так. Канкрэтна мы ў Швейцарыі адчуваем сябе вельмі добра. Нібыта аказаліся ў новай Беларусі, толькі чамусьці ўсе гавораць на нямецкай. На ўсіх этапах, ад садка да працы, нас з дзецьмі атачалі ўвагай. Людзі тут выхаваныя на прынцыпах свабоды і роўнасці, і яны стварылі грамадства, у якім любы чалавек знойдзе сабе месца.
А па-другое, ты і ў Беларусі нікому асабліва не патрэбны, калі гультай, сядзіш дома пузам дагары. Што, нехта будзе чакаць цябе з распасцёртымі абдымкамі? Але калі ты цікавы, працаздольны, рэалізаваны чалавек, то будзеш запатрабаваны ў любым грамадстве, у любы асяроддзі сам па сабе.
Але нават у такім выпадку не факт, што ты зможаш уладкавацца ў Беларусі. Быў заўважаны ў пратэстах — проста не возьмуць хоць з трыма вышэйшымі. А нават калі возьмуць, што толку? У мяне знаёмая працуе ў каледжы на паўстаўкі і атрымлівае 500 рублёў. Поўная стаўка — тысяча. Такія грошы атрымлівае яе калега, якая адна выхоўвае дзіця з інваліднасцю. Думаеце, ім хапае гэтых грошай на жыццё? А гэта высокакваліфікаваная праца — праца, пра якую Лукашэнка кажа, што «вы не атрымаеце такую на Захадзе», дзе «вы не патрэбныя». Дык што, гэтых жанчын з такім заробкам павінная грэць думка, што яны ў Беларусі камусьці патрэбныя?
Таму гэта папулізм. У такіх прамоваў няма ніякіх мэтаў, акрамя як запалохаць тых, хто цяпер у Беларусі. Бо ўсё гэта скіраванае ў асноўным не на тых, хто з’ехаў. Нам нічога не трэба даказваць, мы за мяжой і бачым, як усё ўладкаванае.
Таму, пражыўшы столькі часу тут, гэтыя выказванні я ўспрымаю з усмешкай. Калі Рыгор Азаронак з экрана тэлевізара расказвае, «як гэта жудасна, што вы там мыеце падлогі», я смяюся. Бо ў мяне зарплата большая, чым у Азаронка, але для гэтага мне не трэба лізаць нічые ср**кі. Мне проста трэба нешта прыбраць, памыць. Гэта лёгка. То-бок можна не прадаваць сумленне і добра жыць. І ў мяне ёсць гэтая магчымасць. А ў людзей, ад якіх я ўсё гэта чую, яе няма. Думаю, вельмі часта імі рухае банальная зайздрасць. Таму, паўтаруся, толькі з усмешкай можна да такога ставіцца.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.