У Мінабароны Расіі заявілі, што на Херсонскім напрамку знішчылі дэсант УСУ на дзвюх маторных лодках. У Генштабе УСУ расказалі, што расіяне беспаспяхова спрабавалі наступаць на Аўдзееўскім і Навапаўлаўскім напрамках. У Інстытуце па вывучэнні вайны не выключаюць, што УСУ могуць адвесці свае сілы з Бахмута, каб зберагчы людзей.

Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 343-і дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: праціўнік працягвае несці страты
Расійскія войскі за мінулыя суткі нанеслі пяць авіяцыйных і шэсць ракетных удараў. Правялі больш за 65 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Пацярпела цывільная інфраструктура населеных пунктаў Сумскай, Харкаўскай, Мікалаеўскай і Херсонскай абласцей. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках з мінамётаў і артылерыі абстраляныя раёны 13 населеных пунктаў; на Купянскім — шасці; на Ліманскім напрамку агню падвергліся пяць населеных пунктаў; на Бахмуцкім напрамку пад агонь трапілі 11 населеных пунктаў; на Аўдзееўскім напрамку абстраляныя восем населеных пунктаў; на Навапаўлаўскім — шэсць; на Запарожскім напрамку пад агнявое ўздзеянне трапілі раёны 20 населеных пунктаў; на Херсонскім напрамку пад абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню, ствольнай артылерыі і мінамётаў падвергліся раёны 21 населенага пункта.
— Расійскія войскі не спыняюць наступальных дзеянняў на Ліманскім і Бахмуцкім напрамках, дзе нясуць вялікія страты. Вядуць беспаспяховыя наступальныя дзеянні на Аўдзееўскім і Навапаўлаўскім напрамках.
— За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны адбілі атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Ямполаўка, Спірнае, Раздолаўка, Благадатнае, Чырвоная Гара, Бахмут, Кляшчэеўка і Параскавіеўка Данецкай вобласці.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла дзевяць удараў па раёнах канцэнтрацыі расійскіх сіл і два ўдары па пазіцыях іх зенітна-ракетных комплексаў.
— Ракетчыкі і артылерысты нанеслі ўдары па 13 раёнах канцэнтрацыі жывой сілы праціўніка, пункт кіравання і склад боепрыпасаў.
«Праціўнік працягвае несці страты. Так, у раёне Наваіванаўкі Луганскай вобласці абсталяваны яшчэ адзін ваенны шпіталь. На лячэнні знаходзяцца каля 100 расійскіх вайскоўцаў. Ступень цяжкасці раненняў звычайна прыніжаюць і не ўлічваюць у медыцынскіх дакументах. Пасля аказання мінімальнай дапамогі — адпраўляюць на перадавую», — заявілі ў Генштабе.

Мінабароны РФ: знішчылі прадпрыемства па вытворчасці артылерыйскіх боепрыпасаў для УСУ
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што страты УСУ за мінулыя суткі склалі 295 чалавек.
— На Купянскім напрамку артылерыя «Заходняй» групоўкі войскаў нанесла агнявое паражэнне жывой сіле і тэхніцы падраздзяленняў 14-й і 92-й механізаваных брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Гранікаўка, Цімкаўка Харкаўскай вобласці і Навасёлаўскае Луганскай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя да 30 вайскоўцаў, два пікапы і гаўбіца Д-20 УСУ.
-На Чырвона-Ліманскім напрамку авіяцыя і артылерыя групоўкі войскаў «Цэнтр» нанеслі ўдары па канцэнтрацыі жывой сілы 80-й і 95-й дэсантна-штурмавых брыгадаў УСУ ў раёнах населеных пунктаў Стальмахоўка, Чырвоная Дзіброва, Кузьміно Луганскай і Тарскае Данецкай абласцей. Страты УСУ за суткі на гэтым напрамку склалі да 95 вайскоўцаў, тры баявыя браніраваныя машыны і аўтамабіль.
— На Данецкім напрамку падчас наступальных дзеянняў падраздзяленні «Паўднёвай» групоўкі войскаў занялі больш выгадныя рубяжы і пазіцыі, і нанеслі агнявое паражэнне праціўніку ў раёнах населеных пунктаў Тоненькае, Нялепаўка і Севернае Данецкай вобласці. Таксама ў раёне населенага пункта Дабраволле знішчаны склад боепрыпасаў 55-й артылерыйскай брыгады УСУ. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя: больш за 100 вайскоўцаў, адзін танк, тры баявыя браніраваныя машыны, гаўбіца «Мста-Б», баявая машына рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Ураган», а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка Caesar.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі армейскай авіяцыі, агнём артылерыі і падраздзяленняў групоўкі войскаў «Усход» нанесенае агнявое паражэнне жывой сіле і тэхніцы 72-й механізаванай брыгады і 35-й брыгады марской пяхоты УСУ ў раёне населенага пункта Вуглядар, а таксама 108-й і 124-й брыгадам тэрытарыяльнай абароны ў раёнах населеных пунктаў Навасёлка і Мірнае Данецкай вобласці. Страты УСУ за суткі на гэтых напрамках склалі звыш 60 вайскоўцаў, адзін танк, баявая машына пяхоты, два бронетранспарцёры і тры аўтамабілі. Таксама знішчаныя самаходная гаўбіца «Гваздзік», дзве гаўбіцы Д-30 і адна гаўбіца Д-20, радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-37.
— На Херсонскім напрамку ў раёне возера Круглік знішчаныя дзве маторныя лодкі і да 10 чалавек дэсанту УСУ. Акрамя таго, знішчаны самаходная гаўбіца «Гваздзік» і тры склады боепрыпасаў УСУ ў раенах населеных пунктаў Гаўрылаўка і Антонаўка Херсонскай вобласці.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 88 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 131 раёне. Збітыя дзевяць беспілотных лётных апаратаў, а таксама перахопленыя тры рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню HIMARS. У раёне населенага пункта Шостка Сумскай вобласці знішчаныя цэхі прадпрыемства па вытворчасці артылерыйскіх боепрыпасаў для УСУ.
Інстытут па вывучэнні вайны: МА РФ імкнецца падарваць уплыў ПВК Вагнера ва Украіне
Перакідванне пад Бахмут сіл рэгулярнага войска РФ на змену знясіленым сілам ПВК Вагнера дазволіла расійскім войскам захаваць ініцыятыву ў раёне горада. Такім чынам, прагноз ISW ад 27 снежня пра кульмінацыю наступу расіян на Бахмут аказаўся недакладным, гаворыцца ў свежай зводцы Інстытута па вывучэнні вайны.
Разам з тым, эксперты не прагназуюць непазбежнага падзення Бахмута, але не выключаюць, што ўкраінскае камандаванне можа аддаць перавагу таму, каб адступіць, а не рызыкаваць людзьмі і несці вялікія страты.
На думку аналітыкаў, расійскія афіцыйныя асобы зноў пераацэньваюць ваенныя магчымасці сіл РФ для хуткага наступу ў Данецкай вобласці і на іншых участках тэатра ваенных дзеянняў.
Яны адзначаюць, што сярэдні тэмп прасоўвання расійскіх сіл вакол Бахмута складаў блізу 100 метраў за дзень, і войскам РФ спатрэбілася восем месяцаў, каб прасунуцца з акупаваных Папаснай у Луганскай вобласці і Светладарска да іх цяперашніх пазіцый у раёне Бахмута (адлегласці 25 км і 22 км адпаведна).
У ISW таксама каментуюць заяву прадстаўніка ўкраінскага Генштаба Яўгена Ерына пра тое, што расійскія войскі праводзяць нявысветленую ратацыю войскаў за межы Херсонскай вобласці і што сілы групы Вагнера прыбываюць на Запарожскі аператыўны кірунак. Эксперты мяркуюць, што расійскія вайскоўцы могуць замяніць знясіленыя баямі сілы ПВК Вагнера, перадыслакаваўшы іх з Бахмута на лінію фронту на поўдні Украіны.
Пры гэтым Міністэрства абароны Расіі, магчыма, паспрабуе прадставіць войска «як адзінага пераможцу» ў бітве за Бахмут, калі расійскія войскі ў канчатковым выніку возьмуць горад.
Расійскае Мінабароны, імаверна, імкнецца падарваць уплыў групы Вагнера ва Украіне, нягледзячы на тое, што разлічвае на сілы ПВК, якая з ліпеня нясе пад Бахмутам жудасныя страты дзеля мінімальных тэрытарыяльных набыткаў, кажуць у Інстытуце.
Звяртаюць увагу эксперты і на заяву аднаго з ваенных блогераў, якая прагучала ў эфіры расійскага ТБ — пра тое, што Паветрана-дэсантныя войскі Расіі (ПДВ) страцілі 40−50% асабовага складу з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну да верасня 2022 года.
У ISW кажуць, што агалоска гэтай лічбы, незалежна ад яе дакладнасці, прыкметна падрывае намаганні Міністэрства абароны Расіі па мінімізацыі паведамленняў пра расійскія страты ва Украіне. Да таго ж спроба Крамля прыцягнуць на свой бок выбраную групу блогераў, падаўшы ім публічныя платформы, можа мець непрыемныя наступствы, бо тыя могуць скарыстацца магчымасцю звярнуцца да расійскай ультранацыяналістычнай супольнасці, якая ўсё больш крытычна ставіцца да вядзення Крамлём вайны, папярэджваюць аналітыкі.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- украінскія афіцыйныя асобы працягваюць падтрымліваць ацэнку ISW пра тое, што немінучы наступ Расіі ў найбліжэйшыя месяцы застаецца найбольш імаверным сцэнаром, і ў той жа час даюць зразумець, што Украіна плануе ўласнае больш шырокае контрнаступленне;
- Расія працягвае выкарыстоўваць законы аб барацьбе з тэрарызмам для апраўдання ўнутраных рэпрэсій;
- 31 студзеня расійскія войскі працягвалі абмежаваныя наземныя атакі, каб аднавіць страчаныя пазіцыі на лініі Сватава — Крамянная;
- расійскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні ўздоўж лініі фронту ў Данецкай вобласці;
- малаімаверна, што расійскія сілы атрымаюць істотную выгаду дзе-небудзь яшчэ на ўсходзе Украіны ад іх лакалізаванага наступу ў раёне Вуглядара;
- расійскія сілы, імаверна, аддаюць перавагу дыверсійна-разведвальнай дзейнасці, а не тэрытарыяльным захопам на поўдні Украіны;
- расійскія акупацыйныя ўлады працягваюць выкарыстоўваць моладзевыя і адукацыйныя праграмы для ўмацавання грамадскага кантролю над акупаванымі тэрыторыямі.