СМІ: У Расіі знялі з пасады камандуючага арміяй, якога абвінавачваюць у «мясных штурмах»
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Расіі зняты з пасады камандуючы 20-й арміяй Узброеных сіл РФ, генерал-лейтэнант Сухраб Ахмедаў, якога расійскія вайскоўцы называюць «мясніком», паведаміў Z-блогер Уладзімір Рогаў. Інфармацыю таксама пацвердзіла выданне РБК са спасылкай на крыніцу, «знаёмую з кадравым рашэннем».

Сухраб Ахмедов. Фото: Фото: VK/minecrd
Сухраб Ахмедаў. Фота: VK/minecrd

Паводле Уладзіміра Рогава, Ахмедава пакуль толькі «вывелі ў распараджэнне» (то-бок часова адхілілі ад пасады), аднак «інфармаваныя крыніцы паведамляюць, што сітуацыя ў развіцці».

Прычына такога рашэння пакуль не вядомая. Мінабароны РФ афіцыйна не паведамляла пра адстаўку Ахмедава.

Сухраб Ахмедаў — ураджэнец Чачні, у снежні 2023 года ён атрымаў званне генерал-лейтэнанта.

Ахмедава абвінавачвалі ў буйных стратах асабовага складу расійскай арміі падчас вайны ва Украіне. Так, у лістападзе 2022 года распаўсюдзіўся ліст марпехаў 155-й брыгады Ціхаакіянскага флоту РФ да губернатара Прымор’я, у якім яны абвінавачвалі некалькіх камандзіраў, у тым ліку Ахмедава, у тым, што тыя кінулі іх у «незразумелы наступ» на вёску Паўлаўка каля Вуглядара. «За чатыры дні каля 300 чалавек забітымі, параненымі і зніклымі без вестак. 50 працэнтаў тэхнікі», — заявілі аўтары звароту. Яны сцвярджалі, што Ахмедаў у ліку іншых военачальнікаў хаваў сапраўдныя маштабы стратаў, планаваў баявыя дзеянні дзеля дакладаў і ўзнагарод, а людзей называў «мясам».

Паводле звестак Politico, да лютага 2023 года 155-я брыгада практычна ў поўным складзе была знішчаная пасля штурму Вуглядара.

Акрамя таго, у чэрвені 2023 года расійскія Z-блогеры абвінавацілі Ахмедава ў гібелі пад Крамянной каля сотні вайскоўцаў з 144-й мотастралковай дывізіі 20-й арміі, якой ён кіраваў. Як пісаў блізкі да Мінабароны РФ тэлеграм-канал «Рыбарь», ён загадаў пашыхтаваць вайскоўцаў, і тыя некалькі гадзін чакалі яго «матывацыйнай прамовы», у выніку трапіўшы пад удар украінскай РСЗА HIMARS.

У канцы сакавіка расійскі вайсковец Святаслаў Голікаў скардзіўся, што Ахмедаў «забівае» 20-ю армію РФ на Ліманскім напрамку, назваў яго «мясніком» і прапанаваў разжалаваць і адправіць у штурмавы атрад.

Адстаўкі і затрыманні ў арміі Расіі

Нагадаем, чысткі ў расійскай арміі пачаліся ўжо нейкі час таму.

У красавіку, паводле афіцыйнай версіі, за атрыманне хабару быў арыштаваны намеснік міністра абароны Цімур Іваноў. Між тым «Важные истории» са спасылкай на дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы ў ФСБ напісалі, што Іванова затрымалі па падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе.

У першай палове траўня стала вядома пра затрыманне начальніка Галоўнага ўпраўлення кадраў Мінабароны Расіі генерал-лейтэнанта Юрыя Кузняцова. Як заявілі ў СК РФ, па крымінальнай справе пра атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры.

У сераду, 22 траўня, ТАСС паведаміў, што па падазрэнні ў махлярстве арыштаваны былы камандуючы 58-й арміяй Узброеных сіл РФ генерал-маёр Іван Папоў. Каля года таму Папова адхілілі ад пасады, з ягоных словаў, за тое, што «на самым версе» выказаў прэтэнзіі да начальства і «абазначыў усе праблемныя пытанні» расійскай арміі.

А 23 траўня стала вядома пра затрыманне намесніка кіраўніка Генеральнага штаба РФ генерал-лейтэнанта Вадзіма Шамарына.

Як адзначалі эксперты Амерыканскага інстытута па вывучэнні вайны, Пуцін пазбаўляецца ад саюзнікаў Шайгу ў Мінабароны, у той жа час аддаючы перавагу прызначэнню на пасады звязаных з эканомікай функцыянераў, каб узмацніць перавод расійскай эканомікі на ваенныя рэйкі.